Паведамленне аб прыватнасці ў дачыненні да Уліковых запісаў Google і профіляў, якія кіруюцца праз Family Link, для дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў (узроставае абмежаванне можа быць іншым у залежнасці ад краіны) (“Паведамленне аб прыватнасці”)

Каб ваша дзіця магло мець свой Уліковы запіс або профіль Google, нам можа спатрэбіцца атрымаць ад вас дазвол на збор, выкарыстанне і раскрыццё інфармацыі пра дзіця ў адпаведнасці з гэтым Паведамленнем аб прыватнасці і Палітыкай прыватнасці Google. Калі вы дазваляеце дзіцяці выкарыстоўваць нашы сэрвісы, вы і ваша дзіця давяраеце нам свае даныя. Мы разумеем, што гэта вялікая адказнасць, і прыкладаем усе намаганні, каб абараніць вашу інфармацыю, а таксама даём вам магчымасць кіраваць ёю. Вы можаце дазволіць або забараніць дзіцяці кіраваць наладамі адсочвання яго дзеянняў, звесткі пра якія захоўваюцца ў гісторыі дзеянняў у інтэрнэце і праграмах і гісторыі YouTube, а таксама звязвання пэўных сэрвісаў Google (даступна ў асобных рэгіёнах).

У гэтым Паведамленні аб прыватнасці ў дачыненні да Уліковых запісаў Google і профіляў пад кіраваннем Family Link, створаных для дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў (узроставае абмежаванне можа быць іншым у залежнасці ад краіны) і Палітыцы прыватнасці Google тлумачацца практыкі Google па забеспячэнні прыватнасці. Таксама ў дадзеным Паведамленні аб прыватнасці апісаны практыкі забеспячэння прыватнасці, якія адносяцца да ўліковага запісу або профілю менавіта вашага дзіцяці (напрыклад, абмежаванні ў дачыненні да персаналізаванай рэкламы).

Гэта Паведамленне аб прыватнасці не распаўсюджваецца на староннія (гэта значыць такія, якія не належаць Google) праграмы і вэб-сайты, якія можа выкарыстоўваць ваша дзіця, а таксама на дзеянні трэціх бакоў. Азнаямляйцеся з умовамі і правіламі старонніх праграм і сайтаў, у тым ліку з інфармацыяй пра тое, як яны збіраюць і выкарыстоўваюць даныя, каб вызначыць, ці падыходзяць яны для вашага дзіцяці.

Інфармацыя, якую мы збіраем

Калі вы дазваляеце дзіцяці мець асабісты Уліковы запіс Google або профіль, у дачыненні да гэтага ўліковага запісу або профілю пачынаюць дзейнічаць практычна тыя ж правілы абыходжання з інфармацыяй, якую мы збіраем, што і ў дачыненні да вашага ўласнага ўліковага запісу або профілю. Ніжэй прыведзены прыклады таго, якія даныя мы збіраем.

Інфармацыя, якую ствараеце або даяце нам вы і ваша дзіця.

Напрыклад, пры стварэнні Уліковага запісу Google або профілю мы можам запытваць асабістую інфармацыю карыстальніка: імя і прозвішча, адрас электроннай пошты і дату нараджэння. Мы збіраем інфармацыю, якую даяце вы ці ваша дзіця, напрыклад вашу кантактную інфармацыю ў інтэрнэце для сувязі з вамі, каб запытаць згоду. Мы таксама збіраем інфармацыю, якую ваша дзіця стварае, запампоўвае або атрымлівае ад іншых карыстальнікаў падчас карыстання сваім уліковым запісам ці профілем, напрыклад, калі ваша дзіця захоўвае фота ў Google Фота або стварае дакумент на Google Дыску.

Інфармацыя, якую мы атрымліваем, калі ваша дзіця карыстаецца нашымі сэрвісамі.

Мы аўтаматычна збіраем і захоўваем звесткі пра тое, якімі сэрвісамі карыстаецца ваша дзіця і якім чынам яно гэта робіць. Крыніцай такіх даных могуць быць запыты дзіцяці ў Google Пошуку ці да Gemini, каманды Памочніку Google або прагляд відэа ў YouTube Kids. Гэта інфармацыя ўключае:

  • Праграмы, браўзеры і прылады вашага дзіцяці

    Мы збіраем інфармацыю пра праграмы, браўзеры і прылады, якія ваша дзіця выкарыстоўвае для доступу да сэрвісаў Google. Да гэтай інфармацыі, у прыватнасці, адносяцца ўнікальныя ідэнтыфікатары, звесткі пра тып і налады браўзераў і прылад, пра аперацыйную сістэму, інфармацыя пра мабільную сетку, у тым ліку нумар тэлефона і назва аператара сеткі, а таксама нумар версіі праграмы. Мы таксама збіраем інфармацыю пра ўзаемадзеянне праграм, браўзераў і прылад дзіцяці з нашымі сэрвісамі. Да такой інфармацыі адносяцца IP-адрас, справаздачы аб збоях, звесткі пра дзеянні ў сістэме, а таксама дата і час зробленага дзіцем запыту і URL-адрас сайта пераходу. Мы збіраем гэту інфармацыю, калі сэрвіс Google, усталяваны на прыладзе дзіцяці, звязваецца з нашымі серверамі, напрыклад пры ўсталяванні праграмы з Крамы Play.

  • Дзеянні вашага дзіцяці

    Мы збіраем інфармацыю пра дзеянні вашага дзіцяці ў нашых сэрвісах і, у залежнасці ад налад уліковага запісу дзіцяці, выкарыстоўваем яе, каб, напрыклад, рэкамендаваць яму праграмы з крамы Google Play, якія могуць яму спадабацца. Вы можаце дазволіць або забараніць дзіцяці кіраваць наладамі адсочвання яго дзеянняў. Інфармацыя пра дзеянні вашага дзіцяці, якую мы збіраем, можа ўключаць у сябе пошукавыя запыты, даныя аб прагледжаных відэа, галасавыя запыты і іншыя аўдыяданыя, сабраныя пры выкарыстанні дзіцем галасавога кіравання, звесткі пра людзей, з якімі дзіця мела зносіны ці абагульвала змесціва, а таксама гісторыю прагляду сайтаў у Chrome, сінхранізаваную з Уліковым запісам Google дзіцяці. Калі дзіця карыстаецца нашымі сэрвісамі для ажыццяўлення і прыёму выклікаў або для адпраўкі і атрымання паведамленняў (напрыклад, выкарыстоўваючы Google Meet), мы можам збіраць даныя журналаў тэлефаніі. Калі дзіця хоча знайсці інфармацыю пра дзеянні, якая захоўваецца ў яго ўліковым запісе і профілі, і кіраваць ёй, яно можа перайсці ў свой Уліковы запіс Google. Вы можаце дапамагчы дзіцяці кіраваць інфармацыяй пра дзеянні: для гэтага вам трэба ўвайсці ва Уліковы запіс Google дзіцяці або адкрыць яго профіль у Family Link.

  • Інфармацыя пра месцазнаходжанне вашага дзіцяці

    Мы збіраем інфармацыю пра месцазнаходжанне вашага дзіцяці падчас выкарыстання ім нашых сэрвісаў. Месцазнаходжанне вашага дзіцяці можа вызначацца з дапамогай GPS, IP-адраса, даных датчыкаў яго прылады, а таксама інфармацыі пра аб’екты паблізу дзіцяці, такія як пункты доступу Wi-Fi, вышкі сотавай сувязі і прылады з уключаным Bluetooth. Тыпы геаданых, якія мы збіраем, часткова залежаць ад вашых налад і прылад дзіцяці.

  • Галасавыя запыты і іншыя аўдыяданыя вашага дзіцяці

    Мы можам збіраць галасавыя запыты і іншыя аўдыяданыя вашага дзіцяці. У прыватнасці, калі дзіця выкарыстоўвае каманду актывацыі аўдыя (напрыклад, вымаўляе "OK, Google" або дакранаецца да значка мікрафона), прамоўленыя ім пасля гэтага словы або іншыя гукі могуць быць апрацаваны для таго, каб даць дзіцяці адказ на яго запыт. Акрамя таго, калі налада захоўвання гісторыі дзеянняў дзіцяці з голасам і аўдыя ў раздзеле "Гісторыя дзеянняў у інтэрнэце і праграмах" уключана, запісы галасавых каманд, якія дзіця дае Памочніку праз прыладу з выкананым уваходам, а таксама некалькіх секунд, якія ім папярэднічаюць, могуць захоўвацца ва ўліковым запісе дзіцяці.

Мы выкарыстоўваем розныя тэхналогіі для збору і захоўвання інфармацыі вашага дзіцяці, у тым ліку файлы cookie, піксельныя тэгі, лакальнае сховішча, напрыклад вэб-сховішча браўзера або кэшы даных праграм, базы даных і журналы сервера. Мы не патрабуем ад вашага дзіцяці даваць нам больш асабістай інфармацыі, чым гэта неабходна для карыстання прадуктамі і сэрвісамі Google, даступнымі для такіх уліковых запісаў або профіляў.

Як мы выкарыстоўваем інфармацыю, якую збіраем

У Палітыцы прыватнасці Google падрабязна апісана, як мы можам выкарыстоўваць сабраныя даныя, звязаныя з профілем або Уліковым запісам Google вашага дзіцяці. У асноўным мы выкарыстоўваем інфармацыю дзіцяці ў наступных мэтах: для падтрымкі і паляпшэння нашых сэрвісаў і забеспячэння іх работы; для распрацоўкі новых сэрвісаў; каб персаналізаваць сэрвісы для дзіцяці; для ацэнкі прадукцыйнасці работы нашых сэрвісаў і атрымання звестак пра іх выкарыстанне; для непасрэднага ўзаемадзеяння з дзіцем па пытаннях, звязаных з нашымі сэрвісамі; для паляпшэння бяспекі і надзейнасці сэрвісаў.

Мы карыстаемся рознымі тэхналогіямі для апрацоўкі інфармацыі вашага дзіцяці ў гэтых мэтах. Аўтаматычныя сістэмы аналізуюць змесціва, якім карыстаецца дзіця, ці ўзаемадзеянне дзіцяці для персаналізацыі вынікаў пошуку і іншых функцый з улікам таго, як дзіця выкарыстоўвае нашы сэрвісы. Мы таксама аналізуем змесціва, якім карыстаецца дзіця, каб выяўляць выпадкі парушэння нашых правіл, напрыклад выкарыстання спама, шкодных праграм і незаконнага змесціва. Мы карыстаемся алгарытмамі, здольнымі распазнаваць фрагменты даных, якія паўтараюцца. Калі мы выявім выкарыстанне спама, шкодных праграм, незаконнага змесціва ці іншыя формы парушэння нашых правіл, мы можам адключыць уліковы запіс або профіль дзіцяці ці прыняць іншыя меры. У некаторых абставінах мы таксама можам паведаміць пра такія парушэнні ў адпаведныя органы.

У залежнасці ад налад уліковага запісу дзіцяці, мы можам выкарыстоўваць інфармацыю вашага дзіцяці, каб даваць рэкамендацыі, прапанаваць персаналізаванае змесціва і вынікі пошуку. Напрыклад, у залежнасці ад налад уліковага запісу дзіцяці Google Play можа выкарыстоўваць інфармацыю аб усталяваных дзіцем праграмах, каб прапаноўваць іншыя праграмы, якія могуць яму спадабацца.

Акрамя таго, у залежнасці ад налад уліковага запісу дзіцяці, мы можам камбінаваць інфармацыю, якую сабралі нашы сэрвісы, і інфармацыю з прылад вашага дзіцяці ў мэтах, якія былі пералічаны вышэй. Калі гэта не забаронена ў наладах уліковага запісу або профілю дзіцяці, мы можам звязваць звесткі пра яго дзеянні на іншых сайтах і ў іншых праграмах з яго асабістай інфармацыяй у мэтах паляпшэння сэрвісаў Google.

Google не будзе паказваць вашаму дзіцяці персаналізаваную рэкламу. Гэта значыць, што рэклама не будзе падбірацца на падставе інфармацыі з уліковага запісу або профілю дзіцяці. Рэклама можа падбірацца на аснове змесціва вэб-сайтаў і праграм, якімі карыстаецца дзіця, яго пошукавых запытаў або прыблізнага месцазнаходжання (напрыклад, горада або вобласці). Падчас прагляду вэб-старонак або выкарыстання старонніх праграм дзіця можа бачыць рэкламу (у тым ліку персаналізаваную), якую прапануюць трэція бакі (не Google).

Інфармацыя, якую можа абагульваць ваша дзіця

Дзіця, увайшоўшы ў свой Уліковы запіс Google або профіль, можа абагульваць такую інфармацыю, як фота, відэа, аўдыя і месцазнаходжанне, як шляхам публікацыі яе ў агульным доступе, так і адпраўляючы яе іншым людзям. Інфармацыя, абагуленая публічна, можа быць даступная праз пошукавыя сістэмы, напрыклад Google Пошук.

Інфармацыя, якую абагульвае Google

Інфармацыя, якую мы збіраем, у рэдкіх выпадках можа быць абагулена па-за межамі Google. Мы не абагульваем асабістую інфармацыю з кампаніямі, арганізацыямі і асобамі па-за межамі Google, за выключэннем наступных выпадкаў:

Пры атрыманні згоды ад карыстальніка

Мы будзем абагульваць асабістую інфармацыю па-за межамі Google толькі пры атрыманні згоды ад карыстальніка (у адпаведных выпадках).

Унутры сямейнай групы

Інфармацыя пра ваша дзіця, у тым ліку яго імя, фота, адрас электроннай пошты і звесткі пра куплі ў краме Google Play, можа быць абагулена з удзельнікамі вашай сямейнай групы ў Google.

Для старонняй апрацоўкі

Мы перадаём асабістую інфармацыю нашым афіліятам або іншым давераным кампаніям ці асобам для яе апрацоўкі ад імені Google. Гэта апрацоўка ажыццяўляецца паводле нашых інструкцый і ў адпаведнасці з дадзеным Паведамленнем аб прыватнасці, Палітыкай прыватнасці Google і іншымі патрабаваннямі да канфідэнцыяльнасці і бяспекі.

Па юрыдычных прычынах

Мы будзем абагульваць асабістую інфармацыю з кампаніямі, арганізацыямі ці асобамі па-за межамі Google, калі будзем лічыць, што доступ да яе, яе выкарыстанне, захаванне або раскрыццё абгрунтаваныя і неабходныя для:

  • выканання патрабаванняў прымянімых законаў і правіл, правядзення судовага працэсу або выканання забяспечанага прававой санкцыяй запыту з боку органаў дзяржаўнага кіравання;

  • забеспячэння выканання Умоў выкарыстання, у тым ліку пры расследаванні патэнцыяльных парушэнняў;

  • барацьбы з махлярствам, яго выяўлення і недапушчэння, а таксама выяўлення і ўстаранення праблем з бяспекай і тэхнічных збояў;

  • абароны ад парушэння правоў, прычынення шкоды маёмасці або бяспецы Google, нашых карыстальнікаў або шырокай публікі згодна з патрабаваннямі або дазволамі заканадаўства.

Мы можам таксама рабіць інфармацыю, па якой нельга ідэнтыфікаваць асобу (напрыклад, трэнды выкарыстання сэрвісаў), агульнадаступнай і абагульваць яе з нашымі партнёрамі, такімі як выдаўцы, рэкламадаўцы, распрацоўшчыкі і ўладальнікі правоў на інтэлектуальную маёмасць. Напрыклад, мы робім інфармацыю агульнадаступнай, каб паказаць агульныя трэнды карыстання нашымі сэрвісамі. Мы таксама дазваляем асобным партнёрам збіраць інфармацыю з браўзераў або прылад з дапамогай іх уласных файлаў cookie або аналагічных тэхналогій для паказу рэкламы і ацэнкі яе эфектыўнасці.

Доступ да асабістай інфармацыі вашага дзіцяці

Калі ў дзіцяці ёсць Уліковы запіс Google, вы можаце праглядаць, змяняць, выдаляць і экспартаваць інфармацыю дзіцяці, а таксама абмяжоўваць яе апрацоўку, увайшоўшы ў яго Уліковы запіс Google. Калі вы не памятаеце, які ў дзіцяці пароль, яго можна скінуць праз праграму Family Link або налады Family Link у інтэрнэце. Пасля ўваходу ва ўліковы запіс вы зможаце дапамагчы дзіцяці кіраваць наладамі прыватнасці і інфармацыяй пра яго, выкарыстоўваючы налады, апісаныя ў Палітыцы прыватнасці Google (напрыклад, налады адсочвання дзеянняў у Google).

Калі ў вашага дзіцяці ёсць профіль, вы можаце праглядаць, змяняць, выдаляць і экспартаваць інфармацыю дзіцяці, а таксама абмяжоўваць яе апрацоўку праз праграму Family Link або налады Family Link у інтэрнэце.

Ваша дзіця зможа выдаляць гісторыю дзеянняў на старонцы "Мае дзеянні" і (стандартна) даваць староннім праграмам розныя дазволы (напрыклад, на вызначэнне месцазнаходжання прылады, выкарыстанне мікрафона або кантактаў). З дапамогай Family Link вы можаце змяняць даныя Уліковага запісу Google і профілю дзіцяці, праглядаць дзеянні ў праграмах і дазволы праграм, а таксама ўказваць, якім праграмам або староннім сэрвісам дзіця можа даваць дазвол на доступ да яго інфармацыі.

Калі вы захочаце прыпыніць далейшы збор і выкарыстанне інфармацыі дзіцяці, вы можаце ў любы час выдаліць Уліковы запіс Google ці профіль дзіцяці. Для гэтага трэба націснуць "Выдаліць уліковы запіс" або "Выдаліць профіль" ва ўліковым запісе або на старонцы звестак профілю дзіцяці ў праграме Family Link або ў наладах Family Link у інтэрнэце. Праз адпаведны перыяд часу інфармацыя пра ўліковы запіс або профіль дзіцяці будзе выдалена назаўсёды.

Звязацца з намі

Калі ў вас узніклі пытанні наконт Уліковага запісу Google ці профілю вашага дзіцяці, звяжыцеся з намі. Мы заўсёды гатовыя дапамагчы. Дадатковую інфармацыю пра Family Link і Уліковы запіс Google або профіль дзіцяці можна знайсці ў даведачным цэнтры. Вы можаце адправіць нам водгук пра Family Link, Уліковы запіс Google або профіль дзіцяці. Каб зрабіць гэта ў праграме Family Link, націсніце "Меню ☰ > Даведка і водгукі > Адправіць водгук". Вы таксама можаце звязацца з намі па электроннай пошце або напісаць нам на адрас, указаны ніжэй.

Google
1600 Amphitheatre Parkway
Mountain View, CA 94043 USA (ЗША)
Тэлефон: +1 855 696 1131 (ЗША)
Калі вы знаходзіцеся ў іншай краіне, азнаёмцеся з інфармацыяй на старонцы g.co/FamilyLink/Contact

Калі ў вас ёсць пытанні пра тое, як Google збірае і выкарыстоўвае даныя вашага дзіцяці, вы можаце звязацца з Google і з нашай інспекцыяй па абароне даных. Калі ў вас ёсць падставы лічыць, што вашы правы, якія гарантуе мясцовае заканадаўства, маглі быць парушаны, вы можаце звярнуцца да прадстаўнікоў органаў па абароне даных, якія дзейнічаюць у вашым рэгіёне.

Праграмы Google
Галоўнае меню